Цікавосткі старавасілішкаўскай святыні. Чым здзіўляе турыстаў незвычайны неагатычны касцёл у вёсцы Старыя Васілішкі
Старыя Васілішкі сёння – маленькая вёсачка, якая, нягледзячы на свае памеры, па праву лічыцца важным турыстычным і гісторыка-культурным пунктам на карце нашай краіны. Бо над вёскай узвышаецца велічны касцёл святых Пятра і Паўла. Гэты храм вабіць турыстаў з розных куткоў Беларусі і мае чым здзівіць нават самых дасведчаных падарожнікаў. Чым жа ўнікальны гэты аб’ект, расказвае dzyannica.by.
Храм атрымаўся шыкоўным. Падыходзячы да яго магутных муроў, адразу адчуваеш моцную энергетыку гэтага месца. Сам будынак уяўляе сабой прамавугольную базіліку з дзвюма вежамі-званіцамі з гранёнымі шпілямі, якія, нібы крылы, узносяць храм у нябёсы. Здавалася б, ужо нішто не зможа па прыгажосці пераўзысці знешні выгляд гэтага храма. Аднак такія думкі знікаюць, калі заходзіш унутр. Адразу ж кідаецца ў вочы хараство інтэр’ера касцёла.
Унутры храма тры часткі-нефы аддзяляюцца васьмю магутнымі калонамі, на якіх устаноўлены скульптуры апосталаў. Прыгожы ансамбль утвараюць бакавыя барэльефы і аконныя вітражы, на якіх адлюстраваны Крыжовы шлях Ісуса Хрыста. Унутры касцёла знаходзіцца пяць драўляных алтароў, выразаных, як і лавы для вернікаў, у гатычным стылі. Таксама інтэр’ер храма дапаўняе амбон, які раней выкарыстоўваўся для ўзмацнення голасу святара.
Унікальнымі для нашай краіны можна лічыць ляпныя пячоры, створаныя з гіпсу і алебастру. Яны знаходзяцца ў левым нефе храма і адлюстроўваюць біблейскія сюжэты. Скульптуры на іх паказваюць розныя этапы з жыцця Ісуса Хрыста. Што цікава, пячора мае другі ярус, на які можна падняцца па прыступках.
Інтэр’ер храма ўпрыгожваюць шматлікія фрэскі, абразы, якія разам са скульптурамі і вытанчанай разьбой па дрэве робяць касцёл святых Пятра і Паўла сапраўдным творам мастацтва.
На хорах касцёла
Читать на grodnonews.by
