
Арцыбіскуп Станеўскі — беларусам: Давайце пісаць нашае «пятае Евангелле» з мужнасцю
Юзаф Станеўскі звярнуўся да беларусаў з пастырскім пасланнем на урачыстасць Божага Нараджэння 2023 года:— Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!«Хрыстус нарадзіўся — Бог аб’явіўся! Уславім Яго!» Гэтая радасная вестка гучыць сёння па ўсім свеце, а яе вестуном з’яўляецца Каталіцкі Касцёл, які вуснамі духавенства чыніць яе актуальнай у сэрцах вернікаў. Менавіта вестка аб нараджэнні Божага Сына з’яднала нас, прысутных сёння ў святынях нашай архідыяцэзіі, а таксама ўсіх тых, хто далучаецца да святкавання Божага Нараджэння.
Дарагія вернікі, таму і я, ваш брат і біскуп, з радасцю абвяшчаю праўду аб Нараджэнні Пана: Бог стаў чалавекам, Ён прыйшоў, каб пасяліцца сярод нас. Бог не дзесьці далёка ад нас — Ён блізка! Імя «Эмануэль» азначае «Бог з намі».
Ён не Хтосьці невядомы — у Яго ёсць бачнае аблічча, і гэта твар Езуса Хрыста.Мае дарагія, абвяшчэнне таямніцы Божага Нараджэння — заўсёды новае і актуальнае, заўсёды дзіўнае і радаснае, таму што яно пераўзыходзіць усе нашыя самыя смелыя спадзяванні.Перш за ўсё таму, што гэта не проста чутка, а сапраўдны факт; гэта падзея, аб якой распавялі нам вартыя даверу сведкі, што на свае вочы ўбачылі Езуса з Назарэта. Знаходзячыся побач з Ім, назіраючы за Яго сталеннем, Яго дзеяннямі і слухаючы Яго словы, сведкі Евангелля прызналі Езуса Хрыста Месіяй.
Убачыўшы Яго ўваскрослым пасля ўкрыжавання, яны цалкам пераканаліся, што Хрыстус, сапраўдны Чалавек, які паходзіць ад Айца, поўны ласкі і праўды (пар. Ян 1, 14).Браты і сёстры, «Слова сталася целам»! Слова і цела — гэта дзве супрацьлеглыя рэальнасці, таму слушна ў свой час Папа Бэнэдыкт XVI задаў пытанне: «Як можа вечнае і ўсемагутнае Слова стаць слабым і смяротным чалавекам?» Адказ ёсць толькі адзін: так учыніла Любоў.
. Читать на charter97.org