Этапаваньне Паліны Шарэнды-Панасюк у псыхіятрычны шпіталь працягвалася тры тыдні
«Радыё Свабода» муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.«Толькі сёньня яе, відаць, адвезьлі з „Валадаркі“ ў Навінкі, бо туды этап толькі па серадах. А ўвесь шлях з калёніі заняў амаль тры тыдні: 5 чэрвеня яна была яшчэ ў калёніі пад Рэчыцай, і адтуль яе павезьлі не адразу ў Менск, а спачатку чамусьці ў Магілёў — мы атрымалі праз „турэмны тэлеграф“ вестку, што яе там бачылі. Там прабыла недзе тыдзень, і павезьлі на цягніку ў адваротны бок — праз Гомель на Баранавічы.
У Баранавічах, відаць, яе зноў пратрымалі недзе тыдзень. Спадзяюся, у шпіталі ў Навінках дазволяць нешта ёй перадаць, бо пасьля такога даўгога этапу жонцы вельмі патрэбная падтрымка харчамі і лекамі», — расказаў Андрэй Шарэнда.Паводле зьвестак ад Паліны Шарэнды-Панасюк, яе стан здароўя ў калёніі № 24 пад Рэчыцай значна пагоршыўся. Выпрабаваньні этапам зусім не спрыялі выздараўленьню, лічыць муж палітзьняволенай.«Уявіце, што такое этап для асуджанай, якую прызналі схільнай да экстрэмісцкіх дзеяньняў? Усю дарогу рукі счэпленыя кайданкамі, а трэба яшчэ і свае рэчы пераносіць.
Гэта суцэльная пакута! Не кажу ўжо пра пабытовыя нязручнасьці, якіх у цягніку вельмі шмат. І лекаў патрэбных не даюць, бо мэдычная дапамога зусім ня тая, што ў сталай калёніі. Таму і лічу, што гэта жах, што Паліне давялося перажыць! Яе наўмысна падвяргаюць такому абыходжаньню, помсьцяць за непахісную пазыцыю», — мяркуе муж палітзьняволенай.У траўні 2023 году стала вядома, што ў вязьніцы, пратэстуючы супраць перасьледу, Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад беларускага грамадзянства.
Читать на charter97.org