
«Ён ведаў, як пад носам у КДБ стварыць штаб нацыянальнага адраджэння»
Міхась Скобла піша ў сваім фэйсбуку пра геніяльнага беларускага мастака Яўгена Куліка (1937—2002):—У маёй бібліятэцы ёсць кніга, якую я люблю браць у рукі не толькі для таго, каб перачытаць, але і яшчэ раз палюбавацца малюнкамі, пагладзіць «ціснутую» вокладку, нават панюхаць. Кніга тая валодае нейкай невытлумачальнай энергетыкай, якая адчуваецца і праз вымалеваныя на скарынаўскі манер загалоўныя літары, і праз створаную ўявай мастака карту Вялікага Княства Літоўскага з архітэктурнымі помнікамі, і, зразумела, праз сам тэкст: «Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай / Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне…» Я маю на ўвазе «Песню пра зубра» (ёй сёлета — 500!) Міколы Гусоўскага ў мастацкім аздабленні Яўгена Куліка, якая выйшла ў свет у далёкім 1980 годзе. Кніга трохмоўная — у ёй змешчаны лацінскі арыгінал і пераклады на беларускую і рускую мовы Язэпа Семяжона і Якуба Парэцкага.
Перад гэтым не адно дзесяцігоддзе ішлі зацятыя літаратуразнаўчыя спрэчкі: хто ён — Nicolai Hussoviani, і каму аддаць ягоную «Carmen de… bisontis». На любы нічыйны шэдэўр прэтэндэнты заўсёды знойдуцца. Прэтэндавалі і тут — і палякі, і літоўцы, і украінцы.
І знаходзілася тое Гусава то ў Польшчы, то ў Літве, то ва Украіне. Але ўсе спрэчкі аціхлі, калі «Песня пра зубра» пятнаццацітысячным накладам выйшла ў Мінску ў шыкоўным паліграфічным выкананні — можна было везці на любую сусветную кніжную выставу. І вазілі, і яна заслужана адзначалася ганаровым дыпломамі.
Читать на charter97.org