Беларус знайшоў пахаваньне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна.
Яраслаў Мусько расказаў «Свабодзе», дзе і як адшукаў пахаваньне.Яраслаў Мусько — беларус з Падляшша, працуе дарадцам групы эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў Эўрапарлямэнту ў Брусэлі. Ён цікавіўся жыцьцём і лёсам Ларысы Геніюш, чытаў ейную кнігу «Споведзь». Тое, як пісьменьніца апісвала свайго малодшага брата, зрабіла на яго вялікае ўражаньне.«Яна там апісвала свайго брата, які быў у польскай арміі генэрала Андэрса ў Італіі і загінуў пад Монтэ-Касіна.
Мяне вельмі зацікавіла, дзе ён пахаваны. Яна пісала, што недзе ў Італіі. Я тады падумаў, што калі буду ў Італіі, то добра было б знайсьці», — расказвае Яраслаў.Цяпер беларус у Італіі ў адпачынку.
Ён пачаў аналізаваць, дзе можа знаходзіцца магіла. Аказалася, што ў самім Монтэ-Касіна яе няма. Але польскія жаўнеры пахаваныя яшчэ на трох могілках у Італіі.На сайце польскіх вайсковых могілак у Італіі Яраслаў Мусько высьветліў, што ў невялікім горадзе Лярэта пахаваны Arkadiusz Mikłaszewicz, які служыў у 12-м палку падольскіх уланаў.
Месца нараджэньня пазначанае як «Жлобаўцы Горадзенскага павету». На гэтым хутары нарадзілася Ларыса Геніюш. Дата нараджэньня Аркадзя — 15 лістапада 1922 году, дата сьмерці — 27 ліпеня 1944 году.
Пражыў 21 год.«Я не знайшоў іншага Аркадзя Міклашэвіча. Думаю, на 99,99% мы знайшлі магілу брата Ларысы Геніюш. Ці ведаў пра гэта хто раней, ня ведаю.
Інфармацыі, дзе ён пахаваны, раней у інтэрнэце я ніколі не знаходзіў», — мяркуе Яраслаў Мусько.«Я падумаў, што б падумала Ларыса Геніюш, калі б стаяла побач з магілай свайго брата»На пошукі пахаваньня Яраслаў Мусько паехаў разам з сынам. У адзін бок зь месца адпачынку трэба было праехаць 80 кілямэтраў. Могілкі пры самым касьцёле, які здаўна стаў папулярным месцам паломніцтва.
Читать на charter97.org



