Астраўчанка Яна Стралкоўская стварае ўнікальныя кветкі і свяцільні сваімі рукамі
ostrovets.by пагутарыў з рукадзельніцай.– Давайце напачатку пазнаёмімся. Як у вас узнікла ідэя займацца роставай фларыстыкай? – Працую ветэрынарным урачом у раённай ветстанцыі. Па натуры я творчая і няўрымслівая.
Чым толькі ні займалася! Вязала, малявала, захаплялася алмазнай вышыўкай і паперкрафтам – мадэляваннем з паперы. На дзень нараджэння знаёмыя падарылі свяцільню ў выглядзе ружы з ізалону – я яе мацала, разглядвала структуру – зацікавіў гэты матэрыял. Больш інфармацыі знайшла ў інтэрнэце. На наступны дзень аббегала ўсе астравецкія магазіны для творчасці, але ізалону не знайшла – купіла аркуш этыленвінілацэтату, вядомы ў народзе, як ЭВА.
Першыя ружачкі «скруціла» з яго. Потым пачала замаўляць ізалон у інтэрнэт-магазінах – ён амаль удвая таннейшы за ЭВА. – Дзе можна ўбачыць вашы работы? – Спачатку тварыла для сябе. Пазней стала публікаваць фотаздымкі работ на сваіх старонках у сацыяльных сетках.
Сябры і незнаёмцы цікавіліся, ці можна іх набыць. Упершыню як рамеснік сёлета ездзіла на Троіцкі фэст у Гервяты. Падыходзілі людзі, распытвалі пра работы, матэрыял. Дарэчы, я была адзіная з вырабамі з ізалону.
Мне вельмі там спадабалася!– А як «нараджаюцца» вашы гіганцкія кветкі? – Спачатку раблю шаблон на паперы і пераношу яго на лінолеум. Гатовыя дэталі прыкладваю да мяккага порыстага ізалону і выразаю звычайнымі канцылярскімі нажніцамі. Затым падстаўляю нарыхтоўку пад струмень гарачага паветра з будаўнічага фена.
Дэталі становяцца мяккімі – рукамі ім можна надаць любую форму. Па той жа тэхналогіі раблю лісцікі, на якія з дапамогай молдаў наношу ўзор накшталт пражылак. Дэталі змацоўваю гарачым клеем са спецыяльнага пісталета. Гатовая кветка мацуецца на плафон: ад патрона па трубцы праведзены провад.
Читать на grodnonews.by

